Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы

Падзеі

Адкрыты ліст арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнку

Image title

Адкрыты ліст арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнку

Глыбокапаважаны Аляксандр Рыгоравіч!

Апошнім часам у СМІ вядзецца шырокая дыскусія пра новую канцэпцыю закона аб барацьбе з хатнім насіллем.

Пытанні абароны інстытута сям’і, маральнага выхавання дзяцей і моладзі хвалююць усіх нас, бо сям’я з’яўляецца асновай грамадства, а маладое пакаленне — яго будучыняй. Таму лічу, што абмеркаванне такіх важных для нашага грамадства законапраектаў павінна весціся з удзелам прадстаўнікоў традыцыйных для Беларусі веравызнанняў, якія на працягу стагоддзяў прапаведуюць фундаментальныя сямейныя каштоўнасці і вучаць такім адносінам паміж членамі сям’і, якія выключаюць насілле. На жаль, гэтыя законапраекты пакуль што недаступныя для грамадскасці, што спараджае разнастайныя чуткі і здагадкі.

Зразумела, што пры любых зменах у заканадаўстве неабходна кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі і ўлічваць духоўныя каштоўнасці беларускага народа, а не ісці ўслед за згубнымі секулярнымі тэндэнцыямі, у тым ліку за гендэрнай ідэалогіяй, якая вядзе да разбурэння традыцыйнай сям’і. Таму вельмі спадзяюся, што беларускае заканадаўства яшчэ больш выразна паставіць перашкоду прапагандзе нетрадыцыйных сексуальных паводзінаў, афішаванню і пазітыўнаму паказу садомскага ладу жыцця.

Задачу захавання і адраджэння сям’і, а таксама традыцыйных сямейных і маральных каштоўнасцяў нашаму грамадству даводзіцца вырашаць у няпростых сацыяльна-эканамічных абставінах і ва ўмовах прапаганды антыхрысціянскай сямейнай ідэалогіі і тэндэнцый прыняцця заканадаўчых актаў, якія супярэчаць традыцыям беларускага народа.

Сапраўды, у некаторых сем’ях існуе праблема насілля, асабліва ў адносінах да жанчын і дзяцей. І гэтыя факты насілля недапушчальныя, бо менавіта сям’я як аснова грамадства і найбагацейшая школа чалавечнасці павінна быць найбольш бяспечным месцам для іх. Бацькі павінны мець магчымасць свабодна выхоўваць сваіх дзяцей у духу любові і традыцыйных маральных каштоўнасцяў. Штучнае ж супрацьпастаўленне правоў і інтарэсаў дзіцяці правам бацькоў з’яўляецца недапушчальным і нават парадаксальным.

Вельмі хацелася б пазнаёміцца з прапановамі адносна новай канцэпцыі закона аб барацьбе з хатнім насіллем, каб мець магчымасць грунтоўна і ўсебакова іх абмеркаваць у працэсе адкрытай дыскусіі. Бо калі некаторыя змены, пра якія вядзецца дыскусія ў СМІ, набудуць сілу закона, то яны могуць прывесці да несправядлівага пераследу добрасумленных бацькоў за самае нязначнае і бяскрыўднае «пакаранне» дзіцяці ў мэтах яго бяспекі, выхавання і дысцыпліны.

Папа Францішак гаворыць, што добры бацька здольны прабачаць дзіцяці яго правіны, але ў той жа час ён з цвёрдасцю падтрымлівае дысцыпліну. Несумненна, дзеці павінны быць абароненыя ад злачынных дзеянняў дарослых, у тым ліку і бацькоў. Аднак нельга лічыць злачынствам разумнае настаўленне і ўшчуванне дзяцей любячымі бацькамі з мэтаю выхавання. Святое Пісанне на гэты конт недвухсэнсоўнае і паказвае мноства прыкладаў падобных паводзінаў бацькоў.

Каб пазбегнуць магчымага насілля ў сем’ях, трэба са школьных гадоў пачынаць падрыхтоўку да адказнага бацькоўства і да стварэння сям’і. Тут вялікая роля належыць як школе, так і традыцыйным веравызнанням нашай краіны.

Паважаны Аляксандр Рыгоравіч!

Звяртаюся да Вас з просьбай зрабіць усё магчымае, каб рэальныя заканадаўчыя крокі спрыялі захаванню і ўмацаванню Богам створанага інстытута сям’і, абароне жанчын і дзяцей ад розных формаў насілля, а таксама захаванню традыцыйных духоўных каштоўнасцяў, на якіх павінна будавацца будучыня нашага грамадства. Каталіцкі Касцёл гатовы прымаць удзел у абмеркаванні заканадаўчых праектаў, у тым ліку скіраваных да абароны інстытута сям’і.

З павагаю,

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Паводле Catholic.by