Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы

Навіны

11.11.2019

100-ГОДДЗЕ КАСЦЁЛА АДЗНАЧЫЛІ Ў ПРЫВАЛЦЫ

Image title

10 лістапада вернікі парафіі св. Юды Тадэвуша ў Прывалцы (дэканат Гродна-Усход) дзякавалі Богу за 100 гадоў існавання сваёй святыні. З гэтай нагоды адбылася святая Імша падзякі за ўсіх, хто прычыніўся да паўстання касцёла.

Эўхарыстыю ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

Драўляная святыня ў невялічкай вёсцы, якая знаходзіцца на самай мяжы з Літвой, была пабудавана мясцовымі католікамі ў 1918-19 гадах у неагатычным стылі і 16 ліпеня 1920 г. асвечана ксяндзом Францішкам Бернатам пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі Кармэльскай (Шкаплернай) і свв. Сымона і Тадэвуша.

Будынак яшчэ патрабаваў заканчэння і аздаблення. З 16 ліпеня 1922 г. гэтым займаўся кс. Юзаф Буткевіч. Першым пробашчам парафіі ў 1927 г. стаў кс. Станіслаў Мацевіч. Яго паслядоўнікам у 1929-1937 гг. быў кс. Юзаф Цыранкевіч. Менавіта ў гады ягонай працы на сценах былі намаляваны выявы чатырох Апосталаў, упрыгожаны галоўны і бакавыя алтары.

Image title

З часоў Другой сусветнай вайны ў парафіі не было пастаяннага душпастыра, а ў 1962 г. савецкія ўлады зачынілі касцёл. Дэлегацыя вяскоўцаў нават ездзіла ў Маскву з просьбай вярнуць святыню, але безвынікова. Пры савецкай уладзе касцёл быў занядбаны. Нават калі на святыню падчас буры ўпала дрэва, старшыня калгаса не дазваляў яго зняць, што значна пашкодзіла інтэр’ер.

У 1990 г. касцёл быў нарэшце вернуты парафіянам, якія на чале з кс. Станіславам Гаўлікам яго адрэстаўравалі. 29 кастрычніка 1994 г., у свята заступніка касцёла, яго асвяцілі пад тытулам св. Юды Тадэвуша.

Цяпер гэтая прыгожая адноўленая святыня, у чым вялікая заслуга сённяшняга душпастыра кс. Паўла Шанчука, пробашча парафіі ў Гожы і дэкана дэканату Гродна-Усход, і мясцовых вернікаў, якія клапоцяцца пра касцёл, як пра ўласны дом.

Імшу біскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае гэтую парафіяльную супольнасць, атачыўшы малітвай таксама іх сем’і і блізкіх.

У гаміліі іерарх заахвоціў дзякаваць Богу за дар гэтай святыні, якая з’яўляецца годным месцам малітвы. Разважаючы над літургіяй слова на гэты дзень, біскуп заклікаў да вернасці Божым запаведзям. Прыкладам такой вернасці ён назваў людзей, якія ў цяжкія для Касцёла часы баранілі тое, што святое і Божае, прысвячалі ўсё сваё жыццё таму, каб хрысціянскія каштоўнасці былі захаваны на нашых землях.

На заканчэнне іерарх пажадаў, каб вернікі гэтай парафіі былі заўсёды крыніцай духоўнай моцы для іншых і жылі ў згодзе і любові, каб Евангелле Хрыста рэалізоўвалася ў штодзённым жыцці.

Ад імя Касцёла біскуп падзякаваў вернікам і кс. Шанчуку за вялікі клопат аб гэтай святыні. Самі ж парафіяне выказалі словы ўдзячнасці і павагі іерарху і свайму душпастыру.

Image title

Image title

Image title

Image title

Image title

Кс. Юрый Марціновіч