Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы

Навіны

29.10.2021

Пастырскае пасланне Юзафа Станеўскага

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

БЭТЛЕЕМ — ДОМ ХЛЕБА, БЕЛАРУСЬ — ДОМ СУПАКОЮ І БРАТЭРСТВА

Пастырскае пасланне з нагоды афіцыйнага ўступлення на пасаду
арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага


Image title

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы,
умілаваныя браты і сёстры і ўсе людзі добрай волі.

Шчыра вітаю ўсіх вас. Гэта я, Юзаф, брат ваш (Пар. Быц 45, 4).

1. Мае дарагія! На пачатку пастырскай паслугі духоўна запрашаю вас у наш архікатэдральны Вячэрнік, мітрапалітальную катэдру, якая з’яўляецца Маці ўсіх касцёлаў Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Многія біскупы і святары сапраўды могуць назваць Яе сваім Бэтлеемам, бо тут нарадзілася іх святарства. Гэтая святыня-маці асабліва памятае сваіх дзяцей, якія прынялі тут святы хрост, першую Камунію, канфірмацыю і сакрамэнт пакаяння. Яна разам з матулямі слухала словы сужэнскага абяцання і наталялася слязьмі радасці. А калі надыходзіў час адыходу да жыцця вечнага яе дзяцей, то і святыня напаўнялася слязьмі смутку. Архікатэдра перажыла на сваім вяку многае: зраненасць сэрцаў яе дзяцей адчувала і яна, у розныя гады і па розных прычынах цярпела ад знявагаў і руйнавання. Дзякуючы намаганням вернікаў і падтрымцы ахвярадаўцаў, рэлігійнаму энтузіязму і пад пастырскім кіраваннем Сведкі веры святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, гэты Божы дом сёння ззяе сваёй архітэктурнай і рэлігійнай прыгажосцю, і мы адчуваем сябе тут утульна і спакойна, адчуваем веліч гэтай святыні, а фрэскі — адноўленыя пры дапамозе рэстаўратараў і пры падтрымцы нашай дзяржавы — «ўздымаюць наш дух да трэцяга неба». І гэта так. Бо тут Бог жыве!

Адзначаючы ў гэтым годзе ў нашым мясцовым Касцёле 30-годдзе аднаўлення касцёльных структур, жадаю прыгадаць словы першага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага кардынала Казіміра Свёнтка, вера якога гартавалася ў далёкай Варкуце. Пасля адбудовы, падчас рэкансэкрацыі гэтай святыні 21 кастрычніка 1997 г., кардынал Свёнтэк, між іншым, сказаў: «Касцёл не можа быць той або іншай нацыянальнасці. Наш Касцёл — гэта Каталіцкі Касцёл, які аб’ядноўвае ўсіх. Для ўсіх народаў ёсць у ім месца. Кожны католік мае права захоўваць сваю нацыянальнасць, вызнаваць і практыкаваць сваю веру на сваёй роднай мове».

А папа Францішак 23 верасня бягучага года — заклікаў: «Няхай дзверы Касцёла будуць адчынены для ўсіх, і няхай не ўзнікае спакуса засяроджвацца выключна на праверцы і замене замкоў. Народ (Ізраэля) адбудаваў святыню сваімі рукамі». І гэта праўда. Дзякуй Богу і людзям! Маем велічную святыню.

2. Умілаваныя! Жадаю таксама запрасіць вас думкамі і сэрцам перанесціся да дому нашай Маці і Каралевы Беларусі, у Нацыянальны санктуарый у Будславе. Калі здарыўся пажар у гэтай нашай галоўнай святыні, з трывогай і болем праз дым і полымя агню мы шукалі Яе абраз, цудадзейны абраз нашай Маці Будслаўскай. Малітвай і слязьмі жалю мы дапамагалі пажарным разлікам тушыць полымя знішчальнага агню. Так, як тады пад Крыжам Сына, так і сёння Марыя захавала вернасць свайму «Fiat» і выстаяла. Сталася, што сталася. Але я ўпэўнены, што разам, усе мы, дзеці нашай сінявокай краіны, з дапамогаю людзей добрай волі, ахвярадаўцаў і пры падтрымцы дзяржавы адбудуем Дом Марыі, адбудуем беларускі Бэтлеем, Дом супакою і братэрства. Сёння дзякую ўсім, хто спрычыніўся да ўзвядзення часовага даху над базылікай, усім, хто працаваў, складаў ахвяраванні і маліўся ў гэтай справе. Ты, Пані наша і Каралева, падкажы нам, як тады, на вяселлі ў Кане Галілейскай, што мы яшчэ павінны зрабіць, каб нанова пасялілася Ты са сваім Сынам Езусам Хрыстом на нашым малітоўным згуртаванні ў Будславе і магілёўскіх Бялынічах. Марыя, падкажы!

3. «Тут усё распачалося», — казаў да сабраных на плошчы, што ў польскіх Вадавіцах, святы Ян Павел II: «жыццё, малітва, навука і праца, першае каханне і неабходнасць ісці ў свет шчасця-долі шукаць».

Мае дарагія, крыху сантыменту, бо хачу запрасіць вас пад дах маёй і вашай хаты, роднага дому, на малую радзіму, дзе ўсё «нашае» распачалося. З дзіцячымі снамі і моладзевымі марамі, мазольнай працай не дзеля карысці, а дзеля кромкі свайго хлеба, бо водар ён мае іншы. Мая праца на ніве залатых палёў пшаніцы яшчэ як школьніка была спавіта малітвай бацькоў. Малітва і вера бацькоў правяла мяне і праз службу ў войску на працягу двух гадоў, дарэчы, побач з Мінскам, у Мачулішчах. Як жа хацелася нам, маладым салдатам, палятаць на Міг-23, узняцца ўвыш, на сустрэчу са Стварыцелем. Аднак, як казаў святы Аўгустын: «Я шукаў Цябе звонку, а Ты быў увамне». Памятаю, як мама зашыла мне ў партманэ медалік Маці Божай Беззаганнай. «Яна абароніць цябе», — сказала. І сапраўды. Старэйшы салдат з Узбекістана, мусульманін, убачыўшы ў мяне медалік, распазнаў у ім вобраз Маці Езуса-Прарока, і мы пасябравалі. А калі настаў першы Вігілійны вечар у войску і адсутнасць аплаткі прыгнятала мяне, Бог скіраваў мяне ў так званую «ленінскую комнату», бо там, між сталоў маліўся на каленях салдат з Літвы: пры цьмяным святле, што прабіралася ў пакой з прыдарожнай лямпачкі я ўбачыў у яго далонях белы вігілійны аплатак. Мае дарагія, Бог ізноў нарадзіўся, мой свет ажывіўся. Можа, гэта вас і здзіўляе. А я, мае дарагія, хачу падзяліцца з вамі той вялікай Радасцю Евангелля — Хрыстус жыве! Evangelii Gaudium — Christus Vivit! Хрыстус жыве сярод нас. Ён — наша надзея і самая прыгожая маладосць гэтага свету. Ён жыве і хоча, каб жыў ты! — так напісаў у пасінадальнай адгартацыі Christus vivit Папа Францішак.

Хрыстус з намі, калі нам добра, Ён з намі і ў час выпрабаванняў. Каб выжыць у войску, казаў мой камандзір, родам з Украіны: «трэба ведаць устаў каравульнай службы, як малітву «Ойча наш»».

4. Не памылюся, калі скажу, што малітву «Ойча наш» мы найчасцей чулі і навучыліся ёй у нашых сем’ях. Таму ў Год Сям’і, які па ініцыятыве Папы Францішка адзначаем у Каталіцкім Касцёле мы заглянулі ў наш дом, нашу сям’ю, прыгадалі нашыя моладзевыя мроі і прыгледзеліся да нашых планаў і надзей. Бо як Касцёл, так і дзяржава — гэта Сям’я сем’яў. Таму разам з вамі хацелася б падзякаваць за бацькоў і родных, за нашых дзядуляў і бабуляў, за тое, што яны перадалі нам скарб веры, падзякаваць проста за родны дом, за атмасферу любові і згоды ў ім, атмасферу разумення і ўзаемадапамогі.

Мы дзякуем і сумуем па доме, дзе любоў — як хлеб штодзённы, які кожны дзень прысутнічае на стале; прабачэнне i неабходнасць разумення — як глыток свежага паветра, які дадае ўнутранай энергіі; праўда, якая дае спакой нашаму сэрцу. Сум аб шчасці і дабрабыце, мары аб багацці і супакоі — ці трэба іх саромецца? — пытаецца ў нас сёння святы Ян Павел II, літургічны ўспамін якога ў паўсюдным Касцёле мы адзначалі зусім нядаўна. Таму Касцёл на Беларусі ўслед за папам Францішкам заклікае і абяцае прыкласці ўсе намаганні, каб нашыя мары аб «сям’і як крыніцы радасці і надзеі» здзейсніліся ў нашым грамадстве. Сёння патрэбна не крытыка, а супрацоўніцтва ўсіх «людзей добрай волі» ў рэалізацыі гэтай мэты.

Мы ведаем, што сям’я як крыніца дабра і прытулак для чалавека пахіснулася. Колькасць сужэнстваў, у якіх муж і жонка непадзельна злучаныя малітвай благаслаўлення ў святыні і зарэгістраваныя ў ЗАГСе, — змяншаецца. Сям’я, у якой тата і мама павінны перадаваць дар новага жыцця згодна з Божым планам, ўсё часцей пачынае жыць па матэматычных разліках — «зарана, замнога, забедна». Сям’я, як бяспечнае месца для дзяцей-інвалідаў і састарэлых бацькоў усё часцей становіцца закрытай.

Браты і сёстры, любыя бацькі! У пастырстве Касцёла мы маем магчымасць пазнаёміцца з многімі дакументамі, выдадзенымі Касцёлам аб сям’і, праводзяцца і рэлігійныя мерапрыемствы, звязаныя з гэтай тэматыкай. Аднак словы застануцца толькі словамі, калі напісанае атрамантам на паперы не ажыццявіцца сэрцам, а пачутае на канферэнцыі ці на казанні не знойдзе месца ў нашым штодзённым жыцці.

Таму заклікаю вас: не бойцеся быць мудрымі будаўнікамі свайго дома і шчасця вашай сям’і, не бойцеся будаваць на скале — гэта значыць на Хрысце. Не бойцеся таксама будаваць свой дом у Касцёле і з Касцёлам!

Ад імя дзяцей і моладзі прашу вас, дарослыя, зрабіце ўсё, каб наша беларуская сям’я была моцная Богам, спавітая любоўю, была гарантам справядлівасці і прытулкам грэшнікаў. Ад вас, ад вашага велікадушнага прабачэння сужэнцу, залежыць радасць дзяцей і іх надзея на тату і маму. Сям’я — добрая справа, калі ўсе маюць у ёй сваё месца і выконваюць сваё пакліканне, на якое кожнага натхняе Пан Бог.

5. Дарагія дзеці, любая моладзь! Мы, дарослыя, глядзім на вас з пяшчотай і неспакоем: ці знойдзеце вы дарогу? Ці пойдзеце шляхам праўды і дабра? Ці вашае жыццё будзе прыгожым не таму, што яно будзе пазбаўлена выпрабаванняў, цяжкасцяў і памылак, не таму, што яно будзе паспяховым, а таму, што вы выбераце шлях праўды і дабра! Памятайце: вы патрэбны Касцёлу! Патрэбна ваша маладосць, энтузіязм, а вам патрэбны Езус!

У вас ёсць магчымасць адчуць культуру, натхнёную хрысціянствам, гэтаму служаць катэхеза і моладзевыя сустрэчы, пілігрымкі і біблійныя гурткі. Памятайце, Бог не зайздросны, Бог не з’яўляецца супернікам вашай свабоды, а вера — гэта не шэраг забаронаў, а вялікае «так» радасці, нават калі яна патрабуе высілкаў. Памятайце, вера не з’яўляецца ворагам розуму, але яна шукае розуму, гэтак жа, як розум мае патрэбу ў веры, каб быць дасканалым. Усё хутка старэе, толькі Бог застаецца заўсёды маладым! (з казання кардынала Анджэло Баньяска падчас 52-а Эўхарыстычнага кангрэсу).

Услед за Святым Айцом Францішкам прашу вас: учыніце наш Касцёл маладым. Маладым і дынамічным дзякуючы вашай прысутнасці ў ім, сваёй маладосцю, сваімі планамі і пытаннямі. Для гэтага, па словах Пантыфіка трэба: устаць з выгоднай канапы, адарвацца ад манітора ці тэлефона, трэба пералезці праз агароджу вашага падворка, трэба вырвацца з дабравольна абранай самотнасці і самаізаляцыі (з адгартацыі «Радасць Евангелля» Папы Францішка).

Благаслаўлёнага падарожжа з Касцёлам і ў Касцёле, мілай сустрэчы з Хрыстом, любая моладзь!

6. «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё». Гэта наказ Езуса нам, біскупам, прэзбітэрам і дыяканам, законнікам і законніцам — «каб вы любілі адзін аднаго» (пар. Ян 15, 16–17).

Нядаўна Святы Айцец Францішак адзначыў, што ў Еўропе, «хворай на стомленасць», якая страціла «дальнабачны» позірк заснавальнікаў, перад Касцёлам, занураным у дэбаты і стратэгіі з часта зачыненымі дзвярыма, стаіць задача «рэканструкцыі».

«Разважаючы аб рэканструкцыі, я думаю, — піша Папа, — пра святых, апекуноў Еўропы, такіх, як Бэнэдыкт, Кірыл і Мятод, Брыгіта, Кацярына Сіенская, Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа. Яны пачалі з сябе, змяніўшы сваё жыццё, прымаючы Божую ласку. Іх не турбавалі змрочныя часы, нягоды і розныя падзелы, якія заўсёды мелі месца. Яны не гублялі часу на крытыку і абвінавачванне. Яны жылі паводле Евангелля, незалежна ад актуальнасці і палітыкі. Такім чынам, з пяшчотнай сілай любові Бога яны ўвасаблялі Яго стыль блізкасці, суперажывання і пяшчоты, будавалі кляштары, узбагачалі землі, вярталі душу людзям і краінам: ніякай сацыяльнай праграмы, толькі Евангелле», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.

Дарагія святары, айцы манаскіх супольнасцяў, любыя майму сэрцу браты ў паслузе каля алтара Пана, сёстры законныя і браты! Вы, што служыце, паўтараеце словы Езуса Добрага Пастыра: святло Евангелля, моц Эўхарыстыі, еднасць Касцёла. Дарагія, вы — веснікі Божай любові, прарокі Духа на рынку матэрыяльных рэчаў, спадчыннікі жывой Традыцыі і абвяшчэння будучыні згубленаму свету. Касцёл не гарантуе вам спакою, але паўтарае вам з Хрыстом: не бойцеся служыць Богу і людзям!

Дарагія семінарысты і міністранты, «бялянкі» і харысткі, свецкія катэхеты, удзельнікі «Маргарытак», «Жывога ружанца» і іншых малітоўных рухаў, дарагія валанцёры! Папа Бэнэдыкт XVI казаў: «Толькі тады, калі сустрэнеш Хрыста — Бога Жывога, — распазнаеш сэнс свайго жыцця. І чым больш Яго пазнаеш, тым больш цябе будзе вабіць Яго таямніца». Прашу вас, трывайце і распазнавайце Жывога Хрыста, які паклікаў вас і далей кліча з берагу вашага жыццёвага возера. Пайдзіце за Ім, вы патрэбны Хрысту, каб накіраваць на дарогу збаўлення сваіх сяброў і сябровак.

7. «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» (Мц 16, 13) — запытаўся Езус у сваіх вучняў, калі прыйшлі ў межы Цэзарэі Філіпавай. Як памятаем, адказы былі розныя, а да таго ж і няправільныя. «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19), — пасылае Хрыстус сваіх вучняў з Беларусі. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ваўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20).

Мае дарагія спадарожнікі! Езус ізноў прыйшоў, але ўжо ў межы нашай Айчыны, пастукаў у нашыя сэрцы з вядомымнам пытаннем: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» Кім лічыш Яго ты?

На гэтае пытанне мы павінны адказаць і ўсе разам як Сям’я Каталіцкага Касцёла на Беларусі, і паасобку, як хрысціянін і грамадзянін. Кожны мае магчымасць сказаць сваё: я лічу. Дзеля гэтага Папа Францішак ў Ватыкане 10 кастрычніка гэтага года ўрачыста распачаў трохгадовы Сінадальны працэс. Ён будзе складацца з трох этапаў: дыяцэзіяльнага, кантынентальнага і паўсюднага, дадам — асабістага, кожнага з нас. Заахвочваю вас да супольнага крочання і жывога дыялогу пра лёс і спадзяванні чалавека XXI стагоддзя.

Усе мы — браты. 3 кастрычніка 2020 г. у італьянскім Асізі была падпісана і абвешчана энцыкліка папы Францішка «Fratelli tutti» аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве — шляху да будаўніцтва лепшага, больш справядлівага і мірнага свету, у якім не будзе месца ні вайне, ні глабалізацыі абыякавасці.

Усе мы — браты і сёстры — усе. Усе мы з’яўляемся салідарна адказнымі за будаўніцтва грамадства, здольнага злучаць, інтэграваць і суцяшаць тых, хто пакутуе (77). Любоў будуе масты, і мы «створаны для любові» (88), нагадвае Папа, заклікаючы найперш хрысціян бачыць Хрыста ў абліччы кожнага адкінутага (85).

Пантыфік заклікае «выходзіць па-за межы саміх сябе», каб знаходзіць у іншых «умацаванне быцця» (88), адкрываючыся на бліжняга згодна з дынамізмам любові, якая штурхае да «ўніверсальнага адзінства» (95).

«Дыялог і сацыяльнае сяброўства» — з усімі, таму што «ад усіх можна нечаму навучыцца і ніхто не бескарысны» (215). Францішак заклікае да адраджэння «цуду ветлівасці», якую называе «зоркай у цемры», «вызваленнем з жорсткасці, страху і рассеянай спешнасці», што пераважаюць у сучасным свеце (222–224).

«Рэлігіі на службе братэрству ў свеце», але для гэтага неабходна забяспечыць рэлігійную свабоду — фундаментальнае права ўсіх веруючых людзей (279). Касцёл не адсоўвае сваю місію ў сферу прыватнага і, хоць не займаецца палітыкай, аднак не адмаўляе палітычнага вымярэння жыцця, надае ўвагу ўсеагульнаму дабру, клопату пра ўсебаковае развіццё чалавека згодна з прынцыпамі Евангелля (276–278), каб у імя чалавечага братэрства міжрэлігійны дыялог быў прыняты за шлях, супрацоўніцтва — за стыль паводзін, узаемнае пазнанне — за метад і крытэрый дзейнасці (285).

8. «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных» (Мц 1, 20–21).

Літургічны год, які мы адзначаем у нашым Касцёле, папа Францішак абвясціў Годам св. Юзафа і з гэтай нагоды скіраваў да нас свой Апостальскі ліст пад тытулам «Бацькоўскім сэрцам» (Patris corde).

Калі Бог пасылае цябе ў дарогу і вызначае новае заданне, не заставайся сам-насам, не разлічвай толькі на свае здольнасці, запрасі св. Юзафа. Учыні яго сваім апекуном перад Богам і правадыром у дарозе. Ён навучыць цябе найважнейшым рэчам, даверу і службе, што з’яўляюцца падмуркам наладжанага асабістага жыцця, сямейнага і грамадскага, а таксама спаўненнем даверанай Богам місіі.

Перажываючы час выпрабавання, час пандэміі кавіду, з удзячнасцю скіроўваем нашыя малітвы за медыцынскіх працаўнікоў, «людзей у белых халатах», з вялікай удзячнасцю ім і іхнім блізкім, за іх клопат аб здароўі нацыі, за маё таксама.

9. Мае дарагія! Усіх вас і сябе хачу даручыць Маці Божай Суцяшальніцы Засмучанных у Яе тытуле Маці Нястомнай Дапамогі. Марыя, Каралева Беларусі, маліся за нас! Святы Юзафе, апякуйся намі! Святы Міхал Арханёл, абараняй нас ад злога! Каб агульнымі намаганнямі і малітвай мы маглі ўчыніць Беларусь домам супакою і братэрства, як Ты, Божа, учыніў гэта з Бэтлеемам, робячы яго Домам Хлеба.

На супольны шлях крочання з Хрыстом, які заўсёды жыве, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 23 кастрычніка 2021г.

P.S. Паважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам 31 кастрычніа 2021 г.