Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы

Навіны

02.11.2021

Зварот арцыбіскупа Станеўскага аб асаблівай малітве за памерлых у лістападзе

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Дзень 2 лістапада ў Каталіцкім Касцёле прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, якая бярэ свой пачатак ад св. Адылона, абата бэнэдыктынаў (з 998 г.), у гэты дзень прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых.

Касцёл як Містычнае цела Езуса Хрыста, нібы з жывых камянёў, складаецца з людзей: і тых, якія цяпер жывуць, і тых, якія ўжо адышлі ў вечнасць, таму што «Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых» (Мк 12, 27). Адсюль, мы гаворым пра тры вымярэнні Касцёла: пілігрымуючы, пакутуючы і трыумфуючы (Пар. Кампендый ККК, 195)

Касцёл пілігрымуючы, або вандроўны — гэта вернікі, якія, жывучы на гэтым свеце, нібы пілігрымы, ідуць шляхам свайго зямнога вандравання да вечнай нябеснай Айчыны, змагаючыся пры гэтым са спакусамі і са злом.

Пакутуючы Касцёл — гэта душы памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы. Чысцец — гэта не месца, а стан душаў, якія церпяць ачышчальныя пакуты, каб, падтрыманыя малітвамі жывых вернікаў і святых, яны маглі ачысціцца ад усяго ўчыненага на зямлі зла і ўвайсці ў Нябеснае Валадарства.

І ўрэшце — Трыумфуючы Касцёл — гэта супольнасць збаўленых святых, якія ўжо сузіраюць Бога тварам у твар і малітвамі падтрымліваюць, як тых сваіх братоў, што змагаюцца са злом на зямлі, так і тых, што пакутуюць у чыстцы.

Што мы робім у дзень успаміну памерлых? У гэты дзень, а калі мы не маем такой магчымасці, то ў бліжэйшыя дні (на працягу ўсяго месяца лістапада), прынята наведваць могілкі і там маліцца за памерлых. Мы наведваем іх магілы і наводзім там парадак. Можа так здарыцца, што месцы пахавання блізкіх нам людзей знаходзяцца не там, дзе мы жывём, і мы не можам туды паехаць. Магчыма, мы ўвогуле не ведаем, дзе яны пахаваны. Можна тады наведаць бліжэйшыя могілкі, каб там памаліцца і паклапаціцца пра закінутыя пахаванні.

Годным успамінам пра памерлых з’яўляюцца запаленая на магіле свечка і прынесеныя кветкі, але перш за ўсё — малітва за супакой душаў памерлых. Малітвы за памерлых могуць быць рознымі. Аднак найбольш дасканалай малітвай з’яўляецца Святая Імша. Таму вельмі пажадана прасіць святароў аб складанні ахвяры Святой Імшы за канкрэтных памерлых вернікаў.

Не варта забывацца пра практыку адпустаў, якія мы можам ахвяроўваць за памерлых. Як навучае Папа Бэнэдыкт XVI: «Карыстанне з адпустаў дапамагае зразумець, што, спадзеючыся толькі на свае сілы, мы не здолеем выправіць учыненае зло і што грахі кожнага прычыняюць шкоду ўсёй супольнасці» (Sacramentum Caritatis, 21).

Наведаўшы могілкі і памаліўшыся за памерлых, на працягу ўсяго месяца лістапада (згодна з Дэкрэтам Апостальскай Пэнітэнцыярыі ад 27 кастрычніка 2020 года, які гэтай жа Пэнітэнцыярыяй прадоўжаны і на 2021 год, у сувязі з утрымованем эпідэміялагічнай сітуацыі) выканаўшы звычайныя ўмовы (прабыванне ў стане ласкі, прыняцце Камуніі, малітва ў інтэнцыях Папы), можна атрымаць поўны адпуст, ахвяраваўшы яго за памерлых. У адзін дзень можна атрымаць толькі адзін поўны адпуст і ахвяраваць за аднаго памерлага.

Заахвочваю вас браты і сёстры да малітвы за памерлых, гэтых нам вядомых і незнаёмых, а асабліва да практыкі адпусту за памерлых. Няхай нашая памяць аб памерлых будзе не толькі ўспамінам пра іх, але перадусім малітвай аб іх збаўленні.

У Святым Пісанні чытам: «Многія з тых, хто спіць у пыле зямным, абудзяцца: адны — да вечнага жыцця, другія — на вечную ганьбу. І тыя, хто мудры, будуць ззяць, як свяцілы небасхілу, а тыя, хто навучыць многіх справядлівасці — як зоркі на вечную вечнасць» (Дан 12, 2–3).

На час плённага перажывання ўрачыстасці Усіх Святых і нашай малітвы за памерлых — блізкіх і далёкіх — падчас Актавы памяці памерлых і ўсяго месяца лістапада, ад шчырага сэрца благаслаўляю ў імя † Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.


Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі