Вербная нядзеля ў нашай парафіі прайшла ў атмасферы дабрыні, цяпла і братэрства. Як заўсёды, было вельмі шмат вернікаў: людзей старэйшага ўзросту, моладзі, дзяцей і гасцей з іншых парафій.
Распачалася Святая Імша Евангеллем, якое распавядае аб урачыстым уваходзе Езуса Хрыста ў Іерусалім: народ вітае свайго Караля словамі “ Гасанна”, што абазначае “ няхай жыве!”
Ксёндз – пробашч асвяціў вербы пад спеў хору: “ Гасанна сын Давіда!” А потым, па традыцыі, адбылася працэсія , якая сімвалізуе гэты момант жыцця нашага Збаўцы. Вернікі клалі свае ўпрыгожаныя вербачкі на шляху святара і ўдзельнікаў працэсіі.
Падчас казання кс.Павел прыпомніў прысутным аб тым, што, нягледзячы на дні Вялікага посту , сёння кожны з нас перажывае радасць сустрэчы з Езусам –Каралём, але Каралём не гэтага свету, а таго ,дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога Айца і чакае кожнага з нас. А мы павінны прыгатавацца да гэтага спаткання. Яшчэ ёсць час пераасэнсаваць свае ўчынкі, думкі, прыняць Сакрамэнт споведзі і Святой Камуніі.
Радасць сённяшняга дня з намі раздзялілі вернікі з аг.Абухава, дзе будуецца новая святыня. Два гады запар нашыя парафіяне падтрымліваюць фінансава будову касцёла, набываючы вербы, зробленыя рукамі гасцей.
Напрыканцы Імшы кс.Павел падзякаваў усім дабрачынцам ,якія неабыякавыя да спраў Касцёла (зложаныя ахвяры прызначаны на падтрыманне Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Гродна).
Наперадзе нас чакае Трыдыўм Пасхальны:
Вялікі Чацвер – 19.00
Вялікая Пятніца – 19.00
Вялікая Субота- 19.00
Нядзеля Вельканоцная ( Рэзурэкцыя) – 07.00
Сардэчна запрашаем да ўдзелу.