Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы

Навіны

05.07.2019

150-ГОДДЗЕ КАСЦЁЛА АДЗНАЧЫЛІ Ў ГОЖЫ

goza jubilej 6629 чэрвеня, у адпустовую ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы (дэканат Гродна-Усход) адзначалася 150-годдзе асвячэння мясцовага касцёла.

На юбілейнай урачыстасці, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабралося шмат парафіян і гасцей.

Усіх прысутных пазнаёміў з гісторыяй святыні, у якой здарыўся пажар менш за год таму і якая была прыгожа адрамантавана, пробашч парафіі кс. Павел Шанчук.

Святар адзначыў, што будаўніцтва новага каменнага касцёла ў Гожы пачалося ў 1862 г. пад кіраўніцтвам тагачаснага пробашча кс. Паўла Трачынскага.

goza jubilej 77

Святочная Імша з асвячэннем каменя пад будаўніцтва касцёла адбылася 30 красавіка 1862 г. Інжынерам-будаўніком быў бацька вядомага францішканіна слугі Божага Юзафа Мельхіёра Фардона з Гродна.

Будаўніцтва скончылася ў 1869 г. У тым жа годзе 30 лістапада дэкан Гродзенскі кс. Аляксандр Гінтаўт цэлебраваў святую Імшу, падчас якой асвяціў новапабудаваны касцёл.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў усіх, каб падчас Эўхарыстыі яны дзякавалі Богу за тых, хто прычыніўся да ўзвядзення святыні ў Гожы, а таксама за тых, хто клапоціцца, каб яна была сёння прыгожым месцам малітвы. Ён прасіў памятаць у малітвах пра ўсіх, хто прыйшоў з дапамогай, духоўнай і матэрыяльнай падтрымкай пасля пажару, а таксама атачыць малітвай душпастыраў, якія служылі ў гэтым касцёле з вялікай адданасцю і ўкладалі ў гэта сваё сэрца.

goza jubilej 48

У гаміліі іерарх адзначыў, што гадавіна асвячэння касцёла – нагода праславіць Бога не толькі за тое, што ў нас ёсць святыня, дзе мы можам маліцца, але найперш за тое, што мы з’яўляемся жывым Касцёлам Хрыста.

Біскуп падкрэсліў, што гісторыя 150 гадоў прысутнасці Бога ў гэтым месцы вымяраецца тым, што адбываецца ў душы чалавека. “Колькі людзей тут нанова адкрыла сэнс свайго жыцця, а ўглядаючыся ў гераічнае жыццё апекуноў, святых апосталаў Пятра і Паўла, умацавала сваю веру”, – дадаў ён.

Кажучы пра святых апекуноў парафіі, якія былі вернымі вестунамі Хрыстовага Евангелля, біскуп заўважыў: яны нагадваюць сучасным людзям, што Хрысту пастаянна патрэбны тыя, хто будзе абвяшчаць Добрую Навіну, сведкі па меры дароў, якімі былі ўзбагачаны.


“Паколькі Бог з’яўляецца таямніцай, то ў сваіх распараджэннях можа выкарыстоўваць нашыя таленты незвычайна крэатыўным чынам. Ёсць толькі адна ўмова, перад якой быў пастаўлены як Пётр, так і Павел: гэта давер Богу і адданне Яму нашай свабоды, каб менавіта Ён мог кіраваць жыццём”, – сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.


Біскуп падкрэсліў, што парафіяльная святыня для вернікаў заўсёды з’яўляецца найважнейшым цэнтрам іх мясцовасці, бо тут б’е невычэрпная крыніца Божай ласкі, якая дазваляе чалавеку рэалізаваць сваё духоўнае пакліканне. “Гледзячы на жыццё ў духу веры, тут усё пачынаецца і ў гэтым месцы заканчваецца”, – дадаў іерарх, заўважыўшы, што ў гэтай сакральнай прасторы чалавек павінен клапаціцца аб нястомным развіцці веры.

Біскуп падзякаваў пробашчу парафіі і вернікам за клопат аб святыні, заахвочваючы, каб яны працягвалі напаўняцца ў гэтым месцы надзеяй, уласцівай Евангеллю, і выходзілі адтуль, каб на ўзор сваіх апекуноў абвяшчаць Езуса ўсюды там, дзе кожны дзень ставіць іх Пан Бог.


“Перадавайце спадчыну веры маладому пакаленню. Захоўвайце нашу ідэнтычнасць, нашы традыцыі і звычаі”, – заклікаў іерарх.


Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні, а затым адбыўся канцэрт, падрыхтаваны дзецьмі і навучэнцамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Kс. Юрый Марціновіч